РЫХТУЕМСЯ ДА РЭВАЛЮЦЫІ

 

            Катастрафічная дэвальвацыя і раптоўнае зьбядненьне беларусаў – гэта вынік ажыцьцяўленьня палітычнага праекту Масквы і антыбеларускай самадурнай палітыкі Лукашэнкі.

            Фінансавы крызіс у Беларусі сплянаваны Расеяй некалькі гадоў таму. Першая мэта такой палітыкі – забраць за бясцэнак прыбытковыя беларускія прадпрыемствы, і другая – выклікаўшы зьбядненьне і беспрацоўе ў Беларусі, забраць беларускую рабочую сілу ў Расею.

            Падрыў фінансавай сістэмы і эканомікі нашай краіны пачаўся з штучнага стварэньня так званых “малочных”, “мясных”, “цукровых”, “нафтавых”, “газавых” і іншых “войнаў”. Быў нанесены моцны ўдар па экспарту Беларусі, пасьля чаго пагрозьліва павялічылася адмоўнае сальда гандлёвага балансу краіны.

            Наступны ўдар – гэта палітычны загон антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі ў так званы “мытны саюз” Расеі і Казахстана, эканамічна шкодны для Беларусі і выгадны Маскве. У выніку – дзяржава і насельніцтва Беларусі пазбаўлены шматлікіх крыніцаў даходу (напрыклад, гандлю аўтамабілямі) і панесьлі велізарныя страты.

            З мэтай стварэньня фінансавага крызісу Крэмль спыніў таксама крэдытаваньне залежнага ад яго рэжыму Лукашэнкі, выстаўляючы непрыймальныя патрабаваньні.

            Фінансавы крызіс пачаўся са студзеня 2011 горда. Кропляй, якая перапоўніла чашу абвалу, было недапушчальнае павелічэньне сярэдняга ўзроўню зарплаты насельніцтва Лукашэнкам у канцы 2010 года з папулісцкай мэтай задобрыць электарат перад выбарамі.

            На працягу амаль пяці месяцаў крызісу рэжым не рабіў неабходных захадаў па яго зьмякчэньні і выхаду на стабільны ўзровень. Замест гэтага зьверху ўводзіліся розныя курсы абмену валюты, правілы атрыманьня крэдытаў і крэдытнага апрацэнтаваньня. Гэта давала магчымасьць нажывацца на крызісе чыноўным асобам, набліжаным да рэжыму, і галоўнае – выцягнуць валюту з насельніцтва. Прытым людзям у пунктах абмену валюту, практычна, не прадавалі.

            Галоўная задача такіх дзеяньняў – узбагаціцца рэжымна-чыноўнай мафіі і выцягнуць грошы ад беларусаў перад магчымай прыватызацыяй дзяржаўнай маёмасьці. За некалькі месяцаў такога выкарыстаньня крызісу рэжымам усе беларусы (акрамя рэжымных маніпулятараў) зьбяднелі, згарнуўся гандаль і прадпрыймальніцтва. Адначасна, каб беларус лёгка не выжываў, рэжым увёў абмежаваньне на выезд за мяжу. (Адна асоба можа выехаць на машыне толькі адзін раз у пяць дзён.)

            24 траўня адразу адбылася велізарная (недапушчальная па правілах) дэвальвацыя рубля. Усё насельніцтва імгненна зьбяднела больш, чым на палову (а фактычна – у некалькі разоў).

            Шалёная дэвальвацыя ўдарыла па вытворчасьці, гандлю і прадпрыймальніцтву, сталі скарачацца працоўныя месцы, рэзка павялічылася беспрацоўе. Беларусы пачалі масава звальняцца з працы ў Беларусі і масава выязджаць на больш аплатную працу ў Расею (праз незаконна адчыненую Лукашэнкам мяжу).

            Рэалізацыя праекту Масквы па зьнішчэньні Беларусі робіцца на нашых вачах. А каб беларусы не імкнуліся потым вярнуцца з Расеі назад на Радзіму, Лукашэнка пазбавіў выяздоўцаў усялякіх ільгот па медыцыне, сацыяльным забесьпячэньні, у аплаце за камунальныя паслугі і г. д. Словам, абы было горш беларусу ў Беларусі.

            Гэтае разбурэньне можна спыніць. Шмат што яшчэ можна паправіць. Але толькі пры адной умове, якая зьяўляецца для Беларусі абсалютнай: не павінна быць Лукашэнкі ва ўладзе. Інакш ніякіх станоўчых пэрспэктываў і ніякага разьвіцьця краіны ня будзе, і крах дзяржавы стане рэальнасьцю.

            Палітычная сістэма рэжыму даведзена да псіхапаталогіі і поўнага абсурду. Уся ўлада, усе рашэньні, усе пытаньні ўлады завязаныя і залежныя ад адной кіруючай неадэкватнай асобы. Зьмена ўлады, фактычна, не прадугледжана рэжымным заканадаўствам, а там, дзе засталіся фармальнасьці (выбары прэзыдэнта) праўная сутнасьць заменена беззаконьнем, фальсыфікацыяй і ўжываньнем грубай сілы. Зьмяніць уладу законным шляхам немагчыма, бо такой магчымасьці ў рамках дзеючага рэжымнага заканадаўства  і яго прымяненьня -- не існуе.

            Рэжым пакінуў грамадзтву, фактычна, толькі адзін рэальны шлях перамен – гэта народная рэвалюцыя і рэвалюцыйная ліквідацыя улады ўзурпатара. Гэтага ён і баіцца.        Рэвалюцыйны вабар народа быў бы у такіх умовах канстытуцыйны, законны і справядлівы.  У абставінах беззаконьня і нацыянальнага ванішчэньня народ мае права на рэвалюцыю.

            Рэвалюцыя сталася ў нашым несвабодным грамадзтве аб’ектыўнай неабходнасьцю (і сытуацыя высьпявае). Рыхтуймася да перамены. Наш шлях да яе – гэта найперш Беларуская нацыянальная ідэя і Беларуская салідарнасьць, гэта Беларуская мова, Беларускі Сьцяг і гэрб Пагоня, Беларуская свабода і дэмакратыя.

            І памятайма галоўнае: за свабоду змагаюцца і свабоду здабываюць тыя, хто хочуць свабоды, але ня тыя, што хочуць есьці. Ідэалы – паперадзе. Толькі тады магчымая перамога. Нашыя ідэалы – гэта ідэалы 25 Сакавіка і 25 Жніўня, і вольны чалавек, і вольная Беларусь.

 

2 жніўня 2011 г.                                                                                  Зянон ПАЗЬНЯК








ХТО ЗАКЛАДВАЕ АТАМНУЮ БОМБУ 

ПАД БЕЛАРУСЬ?

            Артыкул “Будаўніцтва АЭС не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі” я падрыхтаваў за некалькі дзён да трагічных падзеяў у Японіі, што адбыліся 11 сакавіка сёлета. Мэта артыкула была толькі адна – напярэдадні беларуска-расейскіх перамоваў зьвярнуць увагу шырокай грамадзкасьці і кіраўніцтва нашай краіны на непатрэбнасьць і шкоднасьць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Газэта “Народная Воля” надрукавала артыкул 15 сакавіка сёлета. У той жа дзень кіраўніцтва краіны падпісала пагадненьне з Расеяй аб будаўніцтве АЭС у Беларусі.

            Амаль месяц прамінуў з моманту публікацыі артыкула. За гэты час ніводная з прыведзеных у ім лічбаў, ніводны аргумант не былі абвержаны ані прадстаўнікамі ўлады, ані афіцыйнымі СМІ, па-за выключэньнем “папраўкі” некаторых афіцыйных СМІ пра тое, што землятрус у раёне Астраўца (дзе заплянаваная пабудова АЭС) быў сілаю быццам бы не 7, а толькі 3 балы. Але гэтае “удакладненьне” не адпавядае сапраўднасьці. Прафэсійным журналістам варта было б прыслухацца да прафэсійнай ацэнкі акадэміка НАН Беларусі Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага, які нядаўна напісаў, што менавіта ў тым раёне ў 1908 годзе адбыўся землятрус сілаю 7 балаў.

            Была яшчэ заява нам. міністра энэргетыкі Міхаіла Міхадзюка пра тое, што альтэрнатывы АЭС у Беларусі няма. На жаль, намміністра не прывёў пры гэтым ніводнага аргуманта і ніводнай лічбы на карысьць АЭС.

            Сёньня, напярэдадні 25-годдзя Чарнобыльскай трагедыі, хачу яшчэ раз зьвярнуць увагу на тое, што Беларусь мае надзейнае, з неабходным запасам, энэргазабесьпячаньне сваіх спажыўцоў электраэнэргіяй, вырабляемай на дзеючых уласных энэргакрыніцах, і што няма ніякай неабходнасьці ў будаўніцтве АЭС.

            Нагадаю, што паводле дадзеных Міністэрства энэргетыкі РБ, устаноўленая магутнасьць усіх электрастанцый беларускай энэргасітэмы сёньня складае 8 300 МВт. Найбольшае выкарыстаньне магутнасьці ў краіне ў 2009 годзе склала 6000 МВт.

            З улікам мадэрнізацыі і рэканструкцыі магутнясьцяў на дзеяючых энэргакрыніцах, згодна з канцэпцыяй энэргетычнай бясьпекі Беларусі да 2020 года, устаноўленая магутнасьць павялічыцца яшчэ на 3 000 МВт. Акрамя таго, Беларусь і Польшча падпісалі пагадненьне аб будаўніцтве ў 20011 годзе Зэльвенскай вугальнай электрастанцыі магутнасьцю каля 900 МВт. Прыблізны кошт будаўніцтва гэтай станцыі складзе 1,2 – 1,3 млрд даляраў. Увядзеньне ў эксплуатацыю заплянавана на 2015 год. Да гэтага варта дадаць, што паводле ацэнак Інстытута энэргетыкі НАН Беларусі, агульны патэнцыял узнаўляемых крыніц энэргіі Беларусі складае каля 3 000 МВт, засваеньне якога яшчэ як сьлед не пачыналася.

            Такі чынам, з улікам ажыцьцяўляемай мадэрнізацыі і рэканструкцыі дзеючых энэргакрыніц, увядзеньня ў эксплуатацыю Зэльвенскай электрастанцыі і нават частковага засваеньня ўзнаўляемых крыніц энэргіі, устаноўленая магутнасьць беларускіх энэргакрыніц складзе больш за 12 000 МВт, што ў два разы перавысіць выкарыстаную ў 2009 годзе устаноўленую магутнасьць. Тым ня менш, кіраўніцтва краіны ўпарта сьцьвярджае, што альтэрнатывы АЭС у Беларусі няма.

            Яшчэ раз нагадаю асноўныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі розных энэргакрыніц:

            1. Кошт будаўніцтва АЭС перавышае кошт будаўніцтва станцый такой жа магутнасьці: парасілавых – у 7-11 разоў, газа-мазутных – у 4,5-7 разоў, вугальных – у 3,8-6,1 разы, комплекса малых ГЭС  або комплекса ветраэнэргетычных станцый – у 1,4-2,2 разы.

            2. Кошт 1 кВтг электраэнэргіі, вырабленай на АЭС, перавышае кошт электраэнэргіі, вырабленай на:

            парасілавых станцыях – у 2,3-2 разы,

            газа-мазутных – у 1,9-2,3 разы,

            вугальных – у 1,5-1,9 разы,

            комплекса малых ГЭС  або комплекса ветраэнэргетычных станцый – у 1,6-2,8 разы.

            3. Ветраэнэргетычныя ўстаноўкі і малыя гідраэлектрастанцыі па сваіх тэхніка-эканамічных паказчыках не саступаюць электрастанцыям, якія працуюць на традыцыйных (выкапневых) відах паліва (газ, вугаль, мазут, дызэльнае паліва), і значна пераўзыходзяць атамныя электрастанцыі. А з улікам іх невычарпальнасьці і экалагічнай чысьціні ўзнаўляемыя крыніцы энэргіі маюць бясспрэчную перавагу над усімі астатнімі. Беларусь валодае вялікім патэнцыялам узнаўляемых крыніц энэргіі (энэргія ветру, геатэрмальная энэргія, малыя ГЭС, энэргія біямасы і інш.).

            Энэргаёмістасьць валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у Беларусі ў 2,5 разы вышэй, чым у разьвітых краінах. Гэта сьведчыць пра наяўнасьць вялікага патэнцыяла зьніжэньня спажываемай энэргіі.

            Такім чынам, выкарыстаньне ўзнаўляемых крыніц энэргіі і зьніжэньне энэргаёмістасьці ВУП ёсьць беларускімі нацыянальнымі энэргетычнымі прыярытэтамі.

            Няхай паспрабуюць тыя, хто валадарыць цяпер у Беларусі, абвергнуць хаця б адну з прыведзеных лічбаў, хаця б адзін з прыведзеных намі аргумантаў. Ня ўдасца абвергнуць, бо ўсе лічбы і аргуманты ўзятыя з афіцыйных крыніц. Значыць, усё ім, валадарам, добра вядомае. А калі вядомае, то няхай адкажуць людзям Беларусі на простае пытаньне: “Дзеля чаго і ў чыіх інтарэсах вы зьбіраецеся будаваць на беларускай зямлі ў сэйсмічна небясьпечнай зоне АЭС паводле сумніўнай, не праверанай практыкай (экспэрымэнтальнай) расейскай тэхналогіі?”

 

                                                                                  Мікалай Крыжаноўскі

                                                                                  дэпутат Вярхоўнага Савету

Рэспублікі Беларусь12-га скліканьня

 

                                             ***

Распрадае за бясцэнак, каб аддаліць свой крах

 Беларусы зьвярнулі ўвагу на адзін эпізод з цывільнага жыцьця сваёй краіны. 18 красавіка БТ паказала перамовы Лукашэнкі з двума прадстаўнікамі маскоўскага бізнэсу на тэму “расейскага ўдзелу ў распрацоўцы калійных угнаеньняў у салігорскім рэгіёне Беларусі”. Начальнік рэжыму бадзёра выказваўся пра “прагрэс” і “выгоды супрацоўніцтва”. А маскоўскія госьці сядзелі маўкліва, апусьціўшы галовы, і не глядзелі ў камэры. Зь іхнага боку не было ніякага выступу ў тэлекамэру.

У адрозьненьні ад неўраўнаважанага партнёра па тэлесюжэту, яны разумелі, што ўдзельнічаюць у крымінальным злачынстве – захопе чужой маёмасьці, нацыянальнай маёмасьці іншага народа. Йдзецца, зразумела, не пра “удзел” і “супрацоўніцтва”, а пра брутальнае авалодваньне вельмі прыбытковай галіной народнай гаспадаркі Беларусі. Захопнікі, у адрозьненьні ад начальніка рэжыму, добра разумеюць, якое сур’ёзнае пакараньне за такія дзеяньні прадугледжваецца ў Крымінальным кодэксе.

            Антыбеларускі рэжым распрадае за бясцэнак нашы прадпрыемствы і нацыянальныя багацьці. Абы працягнуць яшчэ крыху сваё мізэрнае існаваньне, абы аддаліць свой крах. Хунта спадзяецца, што пасьля здачы нашай эканомікі ёй удасца выгадна здаць Маскве і нашу Дзяржаву. А потым нават камфортна атабарыцца на каланіяльных пасадах. Калі ім удасца выканаць гэты злачынны праект, то наступным крокам стане накіраваньне дзесяткаў тысячаў беларускіх мужчын і юнакоў – жаўнераў і афіцэраў арміі і міліцыі, спэцслужбаў і МНС – у кашмар расейскіх войнаў, канфліктаў і бедстваў.

            Задумацца і зрабіць высновы мы павінны цяпер, пакуль ня позна. Трэба ратаваць сваю краіну, трэба ўсім народам ратаваць сябе і сваіх дзяцей.

 

РУХ за новыя выбары без Лукашэнкі

19 красавіка 2011 г.

                                    ***

                        

АЛКАГАЛІЗАЦЫЯ НАРОДУ РЭЖЫМАМ

На пачатку красавіка ў сталічны гарвыканкам запрасілі нетыповую грамаду. Менская ўлада прымала сьвятароў розных канфэсіяў, якія служаць у храмах сталіцы. Адбылася ня столькі дыскусія, колькі натацыя. Выканкам даў заданьне рэлігійным аўтарытэтам маліцца за здаровы лад жыцьця і заклікаць сваю паству не злоўжываць алкагольнымі напоямі. Паводле разнарадкі, нешта падобнае адбылося і ў іншых гарадах і мястэчках Беларусі.

 

Здавалася б, прагучала прыгожа: дзяржава дбае пра цьвярозасьць і здароўе, зьвяртаецца па партнёрства і дапамогу да вядучых прадстаўнікоў рэлігійнага жыцьця, каб яны дапамаглі аздаравіць народ. Прагучала прыгожа, як пры Гарбачове зь ягонай антыалкагольнай кампаніяй. Але тады маштабы былі іншыя і рэзкія дзеяньні назіраліся, нават вінаграднікі павысякалі. У нашым выпадку маштабы былі значна меншыя і грамадзтва амаль нічога не даведалася пра плян яго аздараўленьня. Што да дзеяньняў, то яны аказаліся адпаведнымі хлусьлівай і крывадушнай калгаснай дыктатуры.

 

Пасьля візыту сьвятароў да сталічнага начальства сапраўды адбылася мэтамарфоза на алкагольную тэму. Не, ніхто не граміў склады з гарэлкай і ня сёк вінаградную лазу (якая ў нас не расьце). Усё было з дакладнасьцю да наадварот. Пляшкі з алкагольнымі напоямі зьявіліся там, дзе іх забаронена было выстаўляць на працягу доўгага часу: у шапіках і крамах на вагзалах, на вялікіх гасьцінцах, дзе праязджае шмат людзей, каля навучальных і дзіцячых установаў. Антыалкагольная кампанія лукашызма разгарнулася пад дэвізам “Пі — весяліся!”

 

Антынароднаму рэжыму патрэбнае ачмурэлае ад п'янства народанасельніцтва і грошы зь яго за алькаголь. Лукашызм баіцца цьвярозага народу, які здольны думаць, рабіць высновы і абараняць свае парушаныя правы. Хунта даўно ўжо рэалізуе яшчэ адзін класічны спосаб падрыву здароўя і зьнішчэньня падняволеных людзей. Цяпер алкагалізацыю людзей яна робіць гэта пад прыкрыцьцём “антыалкагольнай кампаніі”.

 

РУХ за новыя выбары без Лукашэнкі

15 красавіка 2011 г.

 

 

                                                           ***


Улётка "Дзень Роднай Мовы"



Рыхтуем новыя выбары без Лукашэнкі

Павжаныя беларусы!

19 сьнежня 2010 г. Лукашэнка ня быў абраны народам на пасаду прэзыдэнта. Агучаныя Ярмошынай лічбы арганізавалі і зрабілі вертыкальшчыкі, спэцслужбы і выбарчыя камісіі, прызначаныя рэжымам. Уся выбарчая кампанія была праведзена пад жорсткім кантролем каманды асобаў набліжаных да Лукашэнкі. Рэжымная апэрацыя “прэзыдэнцкія выбары 2010” і фальшаваньне галасаваньня ёсьць незаконная акцыя гвалтоўнага ўтрымыньня ўлады прамаскоўскай камандай начале з Лукашэнкам.

Гэтыя выбары паказалі, што народ адвярнуўся ад Лукашэнкі, не прымае дыктатарскага аднаасобнага распараджэньня багацьцямі краіны і лёсам людзей, не падтрымлівае цемрашальскай палітыкі зьнішчэньня нацыянальных каштоўнасьцяў беларусаў: мовы, культуры, адукацыі.

Каб утрымаць незаконна захопленую уладу, Лукашэнка аднавіў сталінскую, гэбісцкую мэтодыку душэньня і запалохваньня грамадзтва. Пад непасрэдным кіраваньнем Лукашэнкі была спланавана і зьдзейсьнена вайсковая апэрацыя па зьбіцьці тысячаў беларускіх выбарцаў, якія 19 сьнежня 2010 г. выйшлі на мірную акцыю пратэсту супраць фальшывых выбараў. Народная кроў, пралітая на Плошчы 19 сьнежня 2010 г., справа рук Лукашэнкі.

Лукашэнка не прэзыдэнт Беларусі. Ён захопнік улады, крывавы узурпатар. Ніхто ня мусіць называць яго прэзыдэнтам.

Трэба рыхтаваць новыя выбары без Лукашэнкі. Гэта законнае, канстытуцыйнае права народа.

Беларусы! Далучайцеся да Руху “За новыя выбары без Лукашэнкі”! Стварайце суполкі Руху. Інфармацыя на сайце http://www.bel-ruh.org/.

Ініцыятыўная група Руху
Каардынатар Руху Зянон Пазьняк






Улётка “УЗУРПАТАР”