ВІНШАВАНЬНЕ З 20-ГОДДЗЕМ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ

posted Aug 24, 2011, 1:41 PM by Адміністратар Навін

             Паважаныя землякі, дарагія беларусы!

Віншую ўсіх нас з 20-годдзем Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь!

25 Жніўня 1991 года на нечарговай 5-й Сэсіі Вярхоўнага Савета БССР пасьля доўгіх дыскусіяў і змаганьня дэпутатаў Апазыцыі БНФ з камуністычнай бальшынёй Вярхоўнага Савета была прыпыненая дзейнасьць КПБ (КПСС) у Беларусі і аднагалосна аб’яўлена незалежнасьць краіны шляхам наданьня Дэклярацыі аб суверэнітэце статуса канстытуцыйнага закону.

            200 гадоў пакаленьні беларусаў праз ахвяры, паўстаньні, турмы і вынішчэньні ішлі да гэтага дня. І вось ён настаў. Перад нацыяй адчыніліся сьветлыя пэрспэктывы сацыяльна-культурнага разьвіцьця.

            У сярэдзіне 90-х гадоў гэтыя пэрспэктывы былі спыненыя з прычыны ўнутраннай акупацыі краіны і падтрымкі Масквой, аднаасобнай ўлады антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі.

            Аднак, які б цяжкі час мы зараз не перажывалі, нашая Незалежнасьць ёсьць! Ёсьць дзяржава, ёсьць свой народны дом, а значыць ёсьць і будучыня, якая залежыць ад таго, як пакіруемся мы ў сваім доме, які мы навядзем у доме парадак. Гэта значыць, што наша народная будучыня залежыць найперш ад нас самых. Такія магчымасьці дае нам наша незалежнасьць.

            Шануйма яе, як бацьку з маткай, як каханую жонку і родных дзяцей! Дбайма пра гонар і веліч нашай дарагой Бацькаўшчыны Беларусі. Абараняйма яе ад страты і няволі, трымайма яе ў сэрцы.

            Жыве Беларусь!

            Слава героям!

 

25 Жніўня 2011 г.                                                                         Зянон Пазьняк

 

Comments