ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ ПРА МАТЭРЫЯЛЫ

posted Feb 12, 2011, 10:31 PM by Адміністратар Навін

      Паважаныя спадарыні і спадары. Мы паступова пачынаем напаўняць нашую старонку ў Сеціве. Зьявіліся матэрыялы ў разьдзелах “Выбары”, “Плошча”, “Правакатары”, “Зьбіцьцё”, “Рэпрэсіі”. Гэтыя матэрыялы сабралі і прыслалі нам беларусы – прыхільнікі РУХУ ў Амэрыцы: Дзяніс, Кірыл, Наста, тры Ганны і Наташа. Падзяка ім.

Такім чынам зьвяртаемся да ўсіх сяброў РУХУ з прапановай зьбіраць матэрыялы ў Сеціве па тэмах рубрыкаў нашай старонкі і дасылаць нам відэа, -аўдыё і фота-файлы, а таксама тэкставыя файлы ў PDF. (Калі хто мае тэхнічныя цяжкасьці, то можна і ў doc.) Будзем разам фармаваць фактаграфію злачынстваў рэжыму і ствараць базу дадзеных.

Гэта неабходна сабраць у адным месцы, бо нічога няма даўгавечнага ў Сеціве. Матэрыялы зьнікаюць, альбо іх сьведама нішчаць. Да прыкладу, некаторыя відэа-файлы, што зьявіліся ў Сеціве праз YOU TUBE, на самым YOU TUBE ужо адсутнічаюць (зьнятыя самымі карыстальнікамі). Гэта праца КГБ, вынік рэквізіцыі кампутараў і носьбітаў інфармацыі ў людзей Беларусі. “Зондэрн-каманды” рэжыму здабылі магчымасьць пранікнуць у рахункі карыстальнікаў і паздымалі матэрыялы з Сеціва.

У будучыні пры дапамозе рухаўцаў і прыхільнікаў РУХУ мы плянуем адчыніць рубрыку “Хроніка парушэньняў правоў беларусаў” (такую, якая была ў “Беларускіх Ведамасьцях”). Там мы плянуем зьбіраць факты і сьведчаньні гвалту рэжыму над людзьмі, зьнявагу іх годнасьці і правоў, незаконныя дзеяньні і злачынствы супраць асобы, а таксама прозьвішчы спраўцаў злачынстваў і беззаконьня.

Кожны чалавек можа хоць кропляй сваёй працы дапамагчы Бацькаўшчыне і свабодзе.

Слава Беларусі! Народу слава!

 

12 лютага 2011 г.                                                                              Зянон ПАЗЬНЯК

Comments