МАЎКЛІВЫЯ ПРАТЭСТЫ

posted Aug 10, 2011, 11:54 PM by Адміністратар Навін

     У чэрвені-ліпені ў Менску і іншых гарадах Беларусі адбываліся пратэстныя гуртаваньні людзей, ініцыяваныя моладдзю, што кантактуе ў Сеціве.

            Самы па сабе такія гуртаваньні (без глыбокага сэнсу, ідэі і канцэпцыі) пэрспэктывы ня мелі. Але яны маглі б паспрыяць пратэстнай салідарнасьці, заснаванай на непрыняцьці асобы, палітыкі і ўлады Лукашэнкі, і потым маглі б разьвіцца ў нешта іншае, больш асэнсаванае.

            Нічога гэтага не адбылося ад пачатку (ад закладаньня зьявы). Аднак нечакана для многіх эфэкт аказаўся вельмі вымоўным. Гуртаваньне людзей, пратэстнае плясканьне ў ладкі выклікала нетыповую, характэрна-паранойную рэакцыю рэжыму.

Рэжым прылюдна, так бы мовячы, распрануўся перад агаломшаным грамадзтвам, паказаў груба і адкрыта сваю акупацыйную сутнасьць. Пераапранутыя ў цывільнае банды спэцслужбаў хапалі беларусаў на вуліцы, кідалі ў “хапуны” і за краты ўсіх, без разбору, суправаджаючы свае зьнявагі і дзеяньні рускай лаянкай.

            Такое захаваньне і адносігы да насельніцтва – тыповыя якраз для акупацыйных рэжымаў, якія праводзяць экзэкуцыі і палітыку этнацыду.

            Ужо пятнаццаць гадоў, як мы, фронтаўцы, аналізуем і распавядаем пра этнацыд і пра існуючы ў Беларусі рэжым унутранай акупацыі краіны. Для некаторых, што дэмантсратыўна дыстансаваліся ад палітыкі, і казалі, што палітыка іх не цікавіць, гэтае азначэньне (аб унутранай акупацыі) было нейкай абстракцыяй. І вось тут яны пазнаёміліся раптам з праявамі зьявы, канкрэтна і брутальна. Палітыка сама зацікавілася імі. Сумна казаць, але рэжымны бандытызм аказаўся даволі эфэктоўным штуршком для росту сьведамасьці людзей (тое, чаму не вучыла  жыцьцё, -- навучыла біцьцё).

            Зь беларусамі так абыходзіцца нельга. Але акупацыйны рэжым ня можа быць іншым. Маўклівыя сацыяльныя пратэсты і рэпрэсіўныя дзеяньні рэжыму дапамаглі шмат каму зь беларусаў тое ўбачыць і зразумець.

 

4 жніўня 2011 г.                                                                                  Зянон ПАЗЬНЯК

Comments