КАНФЭРЭНЦЫЯ НАЁМНАГА ДЗЕЯЧА

posted Mar 1, 2011, 2:43 PM by Адміністратар Навін

         У рубрыцы “Форум” на Інтэрнэт-старонцы беларускай рэдакцыі Радыё Свабода днямі адказваў на пытаньні слухачоў Андрэй Дзімітрыеў. Са здымкаў, апублікаваных на сайце Радыё, на нас глядзеў адкрыты малады твар зь лёгкай усьмешкай, не пазбаўлены інтэлекту. Ён зусім не падобны на той спалохана-гаваркі тэлепартрэт, паказаны па БТ адразу ж пасьля нападу на кандыдата ў прэзыдэнты Уладзімера Някляева 19 сьнежня летась. Той твар Дзімітрыева хаваў вочы і казаў пра тое, што “міліцыя не вінавата...”

Усе добра памятаюць, як кіраўнік выбарчага штабу здаў свайго кандыдата на расправу рэжыму. Беларусы былі вельмі ўражаны паводзінамі Дзімітрыева, Кастусёва, Рымашэўскага, Раманчука і яшчэ некаторых, якія пасьпяшаліся накіраваць начальніку рэжыму свае “лісты”, зрабілі прарэжымныя заявы або адхрысьціліся ад сваіх выбаршчыкаў і калегаў па “дэмапазыцыі”. Але паўтараем, Дзімітрыеў быў у гэтай справе першым.

Узьнікае рытарычнае пытаньне: дык які ж сапраўдны твар гэтай асобы? Адказ просты: гэта розныя выразы аднаго і таго ж твару. Такое бывае ў прыродзе. Пабыў кіраўніком аднаго дэмштабу, а потым пабыў рэжымным прагматыкам, які “усіх здаў”. І няма ніякай супярэчнасьці.

            Для самога прагматыка (ці правакатара, ці агента) гэта можа быць цалкам лагічным. Як і для тых, хто за імі стаіць. Для іх тут няма ніякай супярэчнасьці: праца такая. Але ўзьнікае другое рытарычнае пытаньне: каму выгадна, каму патрэбна аддаваць першыя ролі ў публічных і важных дзеях менавіта гэтаму засьвечанаму дзеячу?

Нагадаем, што пасьля нападу на сп. Някляева сп. Дзімітрыеў, прыбыў на плошчу Кастуся Каліноўскага. Там ён сказаў перад тысячамі людзей пра стварэньне арганізацыі за новыя выбары. (Праўда, не зразумела, хто яго ўпаўнаважыў)

Гэта першы публічны эпізод з удзелам сп. Дзімітрыева. Эпізод №2 адбыўся праз колькі дзён у сядзібе псэўда-БНФ (вул. Машэрава, 8 у Менску). Там засядала “каардынацыйная рада дэмсілаў”, абмяркоўвала вынікі выбараў і што рабіць. І вось жа, рэй на гэтым сходзе перад тэле- і фотакамэрамі вёў зноў наш знаёмы сп. Дзімітрыеў. Зноў ягоны не пазбаўлены інтэлекту твар быў у цэнтры і агучваў будучыя ініцыятывы.

            Потым пра яго крыху забыліся. Час ад часу ён нагадваў пра сябе ў СМІ, але гэта было неяк лакальна, сярод іншага. І вось 23 лютага Радыё Свабода абвясьціла, што ён будзе адказваць на пытаньні слухачоў. Атрымаўся эпізод №3. Слухаць і чытаць адказы Дзімітрыева на часам вострыя і простыя пытаньні нецікава. Ён аказаўся майстрам выкручвацца і не чырванець. Ды і што можа адказаць такая асоба?

            Што праўда, у характарыстыцы сп. Дзімітрыева, зьмешчанай каля яго партрэта, Радыё Свабода неяк забылася паведаміць, што ён працаваў у выбарчай кампаніі ва Украіне ў камандзе В. Януковіча. Здавалася, і чаму б не сказаць? Януковіч жа перамог, вось якім досьведам спрычыніўся наш, мясцовы кадр да выбараў дыктатуры ў Беларусі. Ня надта падрабязна паведамлена таксама пра ягоную дзейнасьць прадпрымальнікам у Расеі і на там тых выбарах. Нейкі “жаўнер удачы” атрымліваецца, ён там і сям. І на няпоўных 30 гадоў дык вельмі стракатая біяграфія. А самае галоўнае: хто прызначыў яго быць начштаба беларускага паэта? Адкуль усё ўзялося? Усё нейкія таямніцы, але таямніцы Полішынэля.

            Калі б такая асоба зрабіла такія заявы падчас драматычных падзеяў у Польшчы, Летуве ды ў любой іншай краіне, яна аўтаматычна перастала б быць асобай публічнага жыцьця. У Эгіпце або Лівіі яна б мусіла хавацца і трымцець за сваё жыцьцё. Раскрытага і спаленага дзеяча схавалі б у цень. Ён быў бы выкляты грамадзтвам.

            А ў нас... ён пазуе перад журналістамі, адказвае на пытаньні, становіцца удзельнікам новых эпізодаў палітычнага жыцьця. Ніхто ня сьвішча яму ў сьлед і ня гоніць яго ад стала. Ён і па пытаньні паабяцаных Захадам мільёнаў на “барацьбу за дэмакратыю” выказваецца. Можна не сумнявацца, што і яму ад гэтага халяўнага пірага дастануцца зусім ня крошкі. І як гэта яшчэ на перамовах па грантах насупраць сэнатара Маккэйна пасадзілі прадстаўляць “беларускую дэмакратыю” бальшавіка тав. Калякіна, а не сп. Дзімітрыева. Нешта непасьлядоўна выйшла.

            За каго трымаюць нас, беларусаў, арганізатары эпізодаў з сп. Дзімітрыевым? За інфантыльных, за дурачкоў? Лічаць, што ў нас няма ня тое што гістарычнай, але і кароткай памяці? Арганізатары эпізодаў ствараюць чарговы прэцэдэнт: здраднік – ну і што? Менавіта такія асобы выводзяцца ў цэнтар штучнага апазыцыйнага палітычнага жыцьця ў якасьці прадстаўнічых асобаў, у якасьці “прафэсіяналаў” (з выдатным грантаўскім заробкам).

            У наяўнасьці цынічная падмена паняцьцяў і сацыяльна-палітычная дэзарыентацыя. Больш таго, распрацоўка новага бонтона падстаўной псэўдаапазыцыі. Чым больш гнюсныя і правакацыйныя паводзіны, тым вышэйшая прыступка ў псэўдаапазыцыйнай герархіі, тым больш увагі і папулярнасьці. Перавернуты сьвет павінен як бы стаць нормай у грамадзкім жыцьці.

            Цікава, што на канфэрэнцыі ў Сеціве нехта задаў Дзімітрыеву простае пытаньне: Кто Вы по национальности? Дзімітрыеў чамусьці стушаваўся і адказаў гэтак: “Лічу ў 21 стагоддзі гэтае  пытаньне немагчымым, я грамадзянін Рэспублікі Беларусь. І для мяне гэта самае галоўнае”.

Як кажуць – знакавы адказ. А ўвогуле добрая людзі ганарацца сваёй нацыянальнасьцю і ніколі яе не хаваюць

 

                                                                                              Юрка Марозаў

Comments