ХТО ЗАКЛАДВАЕ АТАМНУЮ БОМБУ ПАД БЕЛАРУСЬ?

posted Apr 24, 2011, 12:22 AM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 24, 2011, 12:24 AM ]

          Артыкул “Будаўніцтва АЭС не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі” я падрыхтаваў за некалькі дзён да трагічных падзеяў у Японіі, што адбыліся 11 сакавіка сёлета. Мэта артыкула была толькі адна – напярэдадні беларуска-расейскіх перамоваў зьвярнуць увагу шырокай грамадзкасьці і кіраўніцтва нашай краіны на непатрэбнасьць і шкоднасьць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Газэта “Народная Воля” надрукавала артыкул 15 сакавіка сёлета. У той жа дзень кіраўніцтва краіны падпісала пагадненьне з Расеяй аб будаўніцтве АЭС у Беларусі.

            Амаль месяц прамінуў з моманту публікацыі артыкула. За гэты час ніводная з прыведзеных у ім лічбаў, ніводны аргумант не былі абвержаны ані прадстаўнікамі ўлады, ані афіцыйнымі СМІ, па-за выключэньнем “папраўкі” некаторых афіцыйных СМІ пра тое, што землятрус у раёне Астраўца (дзе заплянаваная пабудова АЭС) быў сілаю быццам бы не 7, а толькі 3 балы. Але гэтае “удакладненьне” не адпавядае сапраўднасьці. Прафэсійным журналістам варта было б прыслухацца да прафэсійнай ацэнкі акадэміка НАН Беларусі Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага, які нядаўна напісаў, што менавіта ў тым раёне ў 1908 годзе адбыўся землятрус сілаю 7 балаў.

            Была яшчэ заява нам. міністра энэргетыкі Міхаіла Міхадзюка пра тое, што альтэрнатывы АЭС у Беларусі няма. На жаль, намміністра не прывёў пры гэтым ніводнага аргуманта і ніводнай лічбы на карысьць АЭС.

            Сёньня, напярэдадні 25-годдзя Чарнобыльскай трагедыі, хачу яшчэ раз зьвярнуць увагу на тое, што Беларусь мае надзейнае, з неабходным запасам, энэргазабесьпячаньне сваіх спажыўцоў электраэнэргіяй, вырабляемай на дзеючых уласных энэргакрыніцах, і што няма ніякай неабходнасьці ў будаўніцтве АЭС.

            Нагадаю, што паводле дадзеных Міністэрства энэргетыкі РБ, устаноўленая магутнасьць усіх электрастанцый беларускай энэргасітэмы сёньня складае 8 300 МВт. Найбольшае выкарыстаньне магутнасьці ў краіне ў 2009 годзе склала 6000 МВт.

            З улікам мадэрнізацыі і рэканструкцыі магутнясьцяў на дзеяючых энэргакрыніцах, згодна з канцэпцыяй энэргетычнай бясьпекі Беларусі да 2020 года, устаноўленая магутнасьць павялічыцца яшчэ на 3 000 МВт. Акрамя таго, Беларусь і Польшча падпісалі пагадненьне аб будаўніцтве ў 20011 годзе Зэльвенскай вугальнай электрастанцыі магутнасьцю каля 900 МВт. Прыблізны кошт будаўніцтва гэтай станцыі складзе 1,2 – 1,3 млрд даляраў. Увядзеньне ў эксплуатацыю заплянавана на 2015 год. Да гэтага варта дадаць, што паводле ацэнак Інстытута энэргетыкі НАН Беларусі, агульны патэнцыял узнаўляемых крыніц энэргіі Беларусі складае каля 3 000 МВт, засваеньне якога яшчэ як сьлед не пачыналася.

            Такі чынам, з улікам ажыцьцяўляемай мадэрнізацыі і рэканструкцыі дзеючых энэргакрыніц, увядзеньня ў эксплуатацыю Зэльвенскай электрастанцыі і нават частковага засваеньня ўзнаўляемых крыніц энэргіі, устаноўленая магутнасьць беларускіх энэргакрыніц складзе больш за 12 000 МВт, што ў два разы перавысіць выкарыстаную ў 2009 годзе устаноўленую магутнасьць. Тым ня менш, кіраўніцтва краіны ўпарта сьцьвярджае, што альтэрнатывы АЭС у Беларусі няма.

            Яшчэ раз нагадаю асноўныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі розных энэргакрыніц:

            1. Кошт будаўніцтва АЭС перавышае кошт будаўніцтва станцый такой жа магутнасьці: парасілавых – у 7-11 разоў, газа-мазутных – у 4,5-7 разоў, вугальных – у 3,8-6,1 разы, комплекса малых ГЭС  або комплекса ветраэнэргетычных станцый – у 1,4-2,2 разы.

            2. Кошт 1 кВтг электраэнэргіі, вырабленай на АЭС, перавышае кошт электраэнэргіі, вырабленай на:

            парасілавых станцыях – у 2,3-2 разы,

            газа-мазутных – у 1,9-2,3 разы,

            вугальных – у 1,5-1,9 разы,

            комплекса малых ГЭС  або комплекса ветраэнэргетычных станцый – у 1,6-2,8 разы.

            3. Ветраэнэргетычныя ўстаноўкі і малыя гідраэлектрастанцыі па сваіх тэхніка-эканамічных паказчыках не саступаюць электрастанцыям, якія працуюць на традыцыйных (выкапневых) відах паліва (газ, вугаль, мазут, дызэльнае паліва), і значна пераўзыходзяць атамныя электрастанцыі. А з улікам іх невычарпальнасьці і экалагічнай чысьціні ўзнаўляемыя крыніцы энэргіі маюць бясспрэчную перавагу над усімі астатнімі. Беларусь валодае вялікім патэнцыялам узнаўляемых крыніц энэргіі (энэргія ветру, геатэрмальная энэргія, малыя ГЭС, энэргія біямасы і інш.).

            Энэргаёмістасьць валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у Беларусі ў 2,5 разы вышэй, чым у разьвітых краінах. Гэта сьведчыць пра наяўнасьць вялікага патэнцыяла зьніжэньня спажываемай энэргіі.

            Такім чынам, выкарыстаньне ўзнаўляемых крыніц энэргіі і зьніжэньне энэргаёмістасьці ВУП ёсьць беларускімі нацыянальнымі энэргетычнымі прыярытэтамі.

            Няхай паспрабуюць тыя, хто валадарыць цяпер у Беларусі, абвергнуць хаця б адну з прыведзеных лічбаў, хаця б адзін з прыведзеных намі аргумантаў. Ня ўдасца абвергнуць, бо ўсе лічбы і аргуманты ўзятыя з афіцыйных крыніц. Значыць, усё ім, валадарам, добра вядомае. А калі вядомае, то няхай адкажуць людзям Беларусі на простае пытаньне: “Дзеля чаго і ў чыіх інтарэсах вы зьбіраецеся будаваць на беларускай зямлі ў сэйсмічна небясьпечнай зоне АЭС паводле сумніўнай, не праверанай практыкай (экспэрымэнтальнай) расейскай тэхналогіі?”

 

                                                                                  Мікалай Крыжаноўскі

                                                                                  дэпутат Вярхоўнага Савету

Рэспублікі Беларусь12-га скліканьня

Comments