БАЙКОТ АНТЫБЕЛАРУСКАМУ РЭЖЫМУ

posted Oct 23, 2012, 2:50 PM by Адміністратар Навін

            18-23 верасьня беларусы збайкатавалі фальшывыя выбары ў «палатку» рэжыму. Фальшывыя выбары – гэта ёсьць мэханізм незаконнага захопу ўлады. Ад галасаваньня вынік не залежыць. Людзі гэта разумеюць. Больш за 70 адсоткаў выбаршчыкаў не пайшлі галасаваць, і выбары не адбыліся. Прытым больш за палову тых, што галасавалі, рэжым прымусіў прагаласаваць пад страхам, скарыстаўшы залежнасьць людзей па працы і вучобе.

            Такім чынам байкот засьведчыў, што рэжым ня мае падтрымкі ў народзе. А значыць, што ён поўнасьцю пазбаўлены легітымнасьці (гэта значыць выбару і даверу народу).

            Калі раней выбаршчыкі, паслухаўшы начальства рэжыму і яго прадажную апазыцыю, хадзілі галасаваць, то рэжым фальшаваў выбары, хаваючыся за плечы людзей (бо людзі галасавалі, а вынікі галасаваньня пісаў рэжым, якія хацеў). Цяпер жа выбаршчыкі галасаваць не прыйшлі, і рэжым, апынуўся ў «пралёце». Ня стала кім маніпуляваць. Але замест таго, каб па закону прызнаць, што выбары не адбыліся, рэжым нахабна аб'явіў людзям аб «усенароднай падтрымцы» і што нібы-та прагаласавала 75 адсоткаў выбаршчыкаў.

            Вось цяпер усе і ўбачылі, што гэта за камарыльля з Лукашэнкам і Ярмошынай. Ім плюнь у твар, а яны скажуць – дождж ідзе. Той, хто не галасаваў, ведае, што і сусед яго не галасаваў, і ўвесь ягоны 100-кватэрны дом не галасаваў, а гэтыя – хлусяць у вочы, і чхалі яны на ўвесь народ.

            Аднак далей так справа ня пойдзе. Трэба байкатаваць увесь гэты антыбеларускі ілжывы рэжым. Першы крок – ня ўдзельнічаць ні ў якіх рэжымных сьвятах, урачыстасьцях, шэсьцях і публічных мерапрыемствах. Пакіньце рэжымнае начальства разам зь яго гэб'ём і халуямі.

            Тым часам сьвяткуйма разам усе нашыя беларускія сьвяты, падзеі, даты і ўрачыстасьці. Любем сваё, падтрымлівайма сваіх.

            Не паддавайцеся на русіфікацыю, бо гэта варожая зброя нашага зьнішчэньня. Гаварэце па-беларуску між сабой, у сям'і, паўсюдна. Чытайце беларускія кнігі, часопісы і беларускі друк, адчыняйце ў сабе беларускую праўду, бо рэжым хлусіць па-руску.

            Пазбаўляйцеся страху на працы. Стварайце вольныя прафсаюзы, незалежныя ад афіцыйных, патрабуйце ліквідацыі на прадпрыемствах пасады гэбоўскіх «ідэолагаў» і ўсялякага гэбісцкага назіраньня. Вытворчасьць павінна быць вольнай ад гэбісцкай палітыкі.

            Не называйце «прэзыдэнтам» узурпатара, які пры дапамозе Масквы, КГБ і псэўдаапазыцыі незаконна захапіў уладу ў Беларусі і 18 гадоў хлусіць, ашуквае, абкрадае і прыніжае Беларускі народ.

            Не глядзіце рэжымнае русіфікатарскае тэлебачаньне, дзе хлусяць і зьневажаюць. Альтэрнатывай яму можа стаць Белсат, які вяшчае па-беларуску.

            Вучыце дзяцей на беларускай мове, патрабуйце беларускіх клясаў і беларускай школы, беларускіх унівэрсітэтаў і вучэльняў, шыльдаў і надпісаў па-беларуску, не дазваляйце рэжымным хамам зьневажаць нашу беларускую мову, шануйце наш беларускі гонар.

            Паважайце і беражыце нашыя нацыянальныя сымвалы: гэрб «Пагоня» і Бел-Чырвона-Белы Сьцяг.

            Падтрымлівайце нашу народную партыю, якая афіцыйна называецца Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя – БНФ, якая стаіць за ўвесь беларускі народ, за стварэньне вольнай дэмакратычнай Беларусі і змагаецца за ліквідацыю антынароднага рэжыму, які ёсьць цяпер у краіне.  Адным з крокаў кансалідацыі грамадзтва на барацьбу з антыбеларускай ўладай народная партыя прапанавала байкот фальшывых выбараў рэжыму. На працягу больш чым дзесяці гадоў партыя пасьлядоўна рыхтавала байкот галасаваньня і давяла гэтую справу да лагічнага завяршэньня. Стварайце групы падтрымкі народнай партыі. Не давярайце псэўдаапазыцыйнай агентуры, рэжымнай прапагандзе і іхным прадажным СМІ. Кіруйцеся на салідарныя ідэі Беларускага Адраджэньня.

            Наперадзе вольныя народныя выбары без Лукашэнкі, Ярмошынай і без фальсіфікацыйнай сістэмы рэжыму. Да гэтага мы дойдзем. Антыбеларускі акупацыйны рэжым ня здольны супрацьдзейнічаць нацыянальна скансалідаванаму беларускаму народу.

                Жыве Беларусь! Слава героям!

                                                                                                   Ініцыятыва «Беларуская Салідарнасьць»

                                                                                   народнай партыі КХП-БНФ

24 кастрычніка 2012 г., г. Менск                                          (кіраўнік Зянон Пазьняк)

Comments