АБ ПАЧАТКАХ РУХУ

posted Feb 10, 2011, 11:29 PM by Адміністратар Навін

Людзі, якія ўпершыню хочуць далучыцца да грамадзкай справы (канкрэтна да Руху), часам пішуць, што стварылі суполку, але ня ведаюць, што рабіць.

            Напачатку якраз вельмі важна, што яны ўжо стварылі суполку. Гэты пэрыяд стварэньня суполак ёсьць вельмі істотны для Руху. Суполак мусіць быць вельмі шмат. Масавае ўзьнікненьне суполак засьведчыць пра арганізацыйны ўзровень грамадзтва, гатоўнасьць яго да наступнага этапу самаарганізацыі Руху.

            Людзі, якія лучацца ў суполку Руху, разумеюць, што не жывуць у дэмакратычнай краіне, што ўлада ў нашай Беларусі нелегітымная, незаконная, праводзіць антынацыянальную палітыку. Чужасьць і ненармальнасьць гэтай улады выяўляецца найперш у тым, што сваёй палітыкай яна раскалола нацыю і адносіны паміж расколатымі бакамі пабудавала на нянавісьці. Беларусаў, якія маюць адрознае меркаваньне ад вярхоўнай улады, трактуюць як “ворагаў народа”, якіх можна нішчыць, біць, зьневажаць, абзываць “адмарозкамі”, “вашывымі блохамі”, кідаць у турму, зьдзеквацца зь іх, не даваць вучыцца, працаваць, гандляваць.

            Калі нацыя расколата па нянавісьці і, горш таго, -- па адносінах да агульных каштоўнасьцяў – яе ўжо, фактычна, няма, яна робіцца аб’ектам маніпуляцыі злой сілы і самазьнішчэньня. Вось што тварыў антыбеларускі рэжым Лукашэнкі ўсе гэтыя 16 гадоў у Беларусі. Існаваньне такога захопніка прэзыдэнцкай пасады на вяршыні ўладнай лесьвіцы ёсьць крайне небясьпечным для жыцьця і экзістэнцыі беларускай нацыі, для ўсёй нашай людзкасьці і грамадзтва.

            Зразумела, што за ўзурпатарам стаяць злыя сілы з Усходу, але менавіта ён, Лукашэнка, стаўленік антыбеларускіх сілаў, ёсьць язвай расколу, бездані хлусьні і нянавісьці ў нашым грамадзтве.

            У такім становішчы, якое склалася цяпер, калі няма рэальных выбараў і магчымасьцяў зьмены антынароднай улады, беларускі народ мае канстытуцыйнае права на змаганьне з рэпрэсіўным рэжымам, мае права на выбары сабе законнага дзяржаўнага кіраўніцтва. Людзі павінны ведаць, што, з пазыцыі права, непрызнаньне незаконнай улады і імкненьне абраць легітымнага прэзыдэнта ёсьць законным дзеяньнем.

Рух “За новыя выбары без Лукашэнкі” павінен разгортвацца і разьвівацца ў шырыню. Кожная суполка існуе аўтаномна, гарызантальныя сувязі да пэўнай пары адсутнічаюць, каардынацыйны цэнтар знаходзіцца за межамі дасягальнасьці рэжыму. Сябры суполкі павінны ведаць адзін аднаго, спатыкацца, абмяркоўваць падзеі, абменьвацца навінамі і распаўсюджваць інфармацыю на папяровай аснове, якая будзе рэкамендавана (альбо прыслана) каардынацыйным асяродкам (альбо якой валодае суполка ў межах сваёй тэрыторыі).

Акрамя таго, пажадана, каб суполкі (у якіх ёсьць магчымасьці) прысылалі на электронны адрас рэгістрацыі розныя матэрыялы, знойдзеныя ў Сеціве па тэме Руху (відэа, -фота і тэкставыя файлы – пажадана ў ПДФ – па тэмах рэпрэсіяў, перасьледу, зьбіцьця людзей, несправядлівых судоў, зьневажэньня беларускай культуры, эканамічнага ўціску, Чарнобыльскага злачынства, супраціву і г. д.). Гэтыя матэрыялы будуць зьмяшчацца на старонцы “Рух”, і такім чынам стане пашырацца фактаграфія і база дадзеных аб злачынствах антыбеларускага рэжыму. Матэрыялы павінны мець спасылку на крыніцы (“лінкі”), адкуль узятыя. Арыгінальныя матэрыялы мусяць мець дату, месца напісаньня і выканаўцу (можна пад псэўданімам).

            Гэта першапачатковая дзейнасьць. З цягам часу (са стварэньнем большай колькасьці супрлак) абсяг яе будзе пашырацца.

            Сябры Руху разумеюць (павінны разумець), што яны дзейнічаюць ва ўмовах дыктатуры, рэпрэсіяў, беззаконьня, хлусьні, нянавісьці і перасьледу ўсяго беларускага. Мэтады грамадзка-палітычнай дзейнасьці, якія магчымыя ў дэмакратычных краінах, тут не падыходзяць.

Удзельнікі Руху таксама ведаюць, што дыктатуру на арганізаваных ёй выбарах не перамагаюць, бо выбары ёсьць зброя дыктатуры. У Cеціве ў камэнтарах “блытальнікі” прасоўваюць думку, што цяпер прыдзецца чакаць 5 гадоў выбараў, якія зноў аб’явіць рэжым. Гэтая ж думка гучыць у выказваньнях прадстаўнікоў псэўдаапазыцыі, яны зьбіраюцца 5 гадоў чакаць новай “плошчы”. Зноў зьбіраюцца клікаць праз 5 гадоў на дыктатарскія выбары.

Рух “За новыя выбары без Лукашэнкі” не арыентуецца на дыктатарскі графік выбараў. Рух – гэта барацьба з узурпатарам, з незаконнай уладай, з антыбеларускай палітыкай.  У змаганьні з рэжымам важным будзе этап стварэньня народнай сістэмы выбараў.

            Сябры Руху таксама ўсьведамляюць, што ніякая схема дзейнасьці, ніякія пляны і праекты не запрацуюць і не рэалізуюцца, і ніякае змаганьне ня стане выніковым, і нават не ўзьнікне, калі ня будзе людзей, нацыянальны ўзровень і сьвядомасьць якіх здольныя забясьпечыць гэтае змаганьне і рэалізацыю задачаў. Таму на пачатковым этапе істотным момантам для суполак паслужыла б імкненьне да асэнсаваньня сябе і сваёй краіны, культуры, мовы, гісторыі, будучыні, бо ўсё грамадзтва можа злучыць разам толькі нацыянальная ідэя і ўсьведамленьне таго, што наша нацыя і ўся Беларусь – у небясьпецы, і што лёс кожнага чалавека ад таго залежыць.

            Са зьяўленьнем і пашырэньнем нацыянальна арыентаваных асобаў у нашым грамадзтве і патрыятычнай арыентацыі ўсяго грамадзтва стане магчымым спыніць працэс нацыянальнага вынішчэньня і дасягнуць перамогі над цёмным рэжымам і сіламі зла.

 

9 лютага 20011 г.                                                                                         Зянон ПАЗЬНЯК

 

 

 

Comments