АБ НЕБЯСЬПЕЧНАСЬЦІ КІРУЮЧАГА РЭЖЫМУ

posted Aug 30, 2011, 12:40 PM by Адміністратар Навін

            Фінансавы крызіс, які пачаўся ў Беларусі з пачатку 2011 года, не зьвязаны з агульным сусьветным фінансава-эканамічным крызісам. Ён выкліканы мэтанакіраванай палітыкай Расеі супраць Беларусі і справакаваны рэжымам Лукашэнкі. Мэта такіх дзеяньняў Масквы – разбурыць беларускую фінансава-крэдытную сістэму, абясцэніць беларускі рубель, паралізаваць выплаты па пазыках і падвесьці краіну да дэфолту. У выніку – прымусіць рэжым прадаваць за бясцэнь прыбытковыя прадпрыемствы і завалодаць беларускай эканомікай.

            Другі аспэкт гэтай палітыкі, -- выклікаўшы беспрацоўе і зьбядненьне беларускага народа пасьля велізарнай дэвальвацыі рубля, сьцягнуць беларускую рабочую сілу ў Расею (праз незаконна адчыненую Лукашэнкам мяжу), пакінуўшы Беларусь на скананьне, а яе эканоміку на лёгкую здабычу рускім алігархам.

            Фінансаваму крызісу папярэднічалі штучна створаныя Расеяй так званыя “газавыя”, “нафтавыя”, “малочныя”, “мясныя”, “цукровыя” і іншыя “войны”, уступленьне ў шкодны для Беларусі мытны саюз Расеі і Казахстана, маніпуляцыі рэжыму Лукашэнкі з валютай і рублём у час абясцэньваньня рубля.

            Антыбеларуская палітыка Лукашэнкі справакавала і падрыхтавала разбуральныя дзеяньні Расеі супроць Беларусі.

            Улада ў Менску ўвесь час дэманструе няздольнасьць і нежаданьне выправіць становішча. Аўтарытарная дзейнасьць гэтага рэжыму стала вельмі небясьпечнай для дзяржаўных і нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

            Дзеля выпраўленьня становішча мусяць быць хуткія і радыкальныя захады. Першым дзеяньнем такіх захадаў павінна стаць дабраахвотная адстаўка Лукашэнкі. Лукашэнка мусіць тэрмінова пакінуць пасаду. Выпраўляць правал павінны іншыя людзі.

 

            ХІ Зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

і ІХ Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

 

            27 жніўня 2011 г.

г. Менск

 

Comments