АБ ГРУПАХ ПАДТРЫМКІ АДРАДЖЭНЬНЯ

posted Nov 22, 2012, 12:04 PM by Адміністратар Навін

           На сёньняшні дзень можна канстатаваць, што дэмапазыцыя, якую заклаў у Беларусі Ганс Вік, амаль цалкам разваліла змаганьне за вольную Беларусь і Адраджэньне краіны. Сэрыя правакацыяў, у якіх была скарыстана гэтая «апазыцыя», выклікала пэрманэнтную хвалю рэпрэсіяў супраць усяго беларускага, яшчэ жывога, вольнага і разумнага. Палітычная ўлада гэбізму ўзмацняецца на вачах, імкнецца задушыць тое беларускае, што яшчэ дыхае.

            Стала відавочна, што вікаўская «дэмапазыцыя» ня толькі несамастойная, залежная, безідэйная, прасякнутая агентурай, ня толькі нацыянальна адсталая і ні на што няздольная, стала бачна, што яна ёсьць тормазам, перашкодай беларускаму дэмакратычнаму разьвіцьцю. І пакуль яна будзе існаваць, ніякага станоўчага руху наперад ужо ня зьявіцца. Гнілую калоду трэба прыняць з дарогі. Павінны зьявіцца новыя асобы арыентаваныя на Беларусь, на вольнае беларускае жыцьцё, на рэальную (а не збочаную) дэмакратыю, на беларускую культуру і дзяржаву. Зарукай гэтаму ёсьць бачныя зьмены ў думках і паводзінах людзей, якія адбываюцца ў беларускім грамадзтве.

            Выяўленьнем пераменаў у сьвядомасьці стаў сёлетні татальны народны байкот фальшывых выбараў рэжыму. Зьмены будуць, трэба іх чакаць, вітаць і дапамагаць.

            Мы прапануем найперш людзям актыўным і дзеля Беларусі неабыякавым гуртавацца ў групы падтрымкі народнага Адраджэньня і Беларускай салідарнасьці. Найбліжэй на гэтай плятформе стаіць Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ. Асобам, якія падтрымліваюць адраджэнскую і салідарную праграму КХП – БНФ прапануем ствараць групы падтрымкі народнай партыі (КХП – БНФ).

            Гэта не парушае рэжымнага заканадаўства. Група падтрымкі ня ёсьць партыяй і самастойнай арганізацыяй, якую трэба рэгістраваць у Мінюсьце. Яны могуць узьнікаць па ўсёй Беларусі на прынцыпах гарызантальнай каардынацыі і кантактах з КХП – БНФ. Поле дзейнасьці групаў падтрымкі -- ад мясцовых праблем да агульнадзяржаўных. Але зацікаўленасьць мясцовымі праблемамі мусіць быць абавязковай і прыярытэтнай.

             Па такім жа прынцыпе ў 1980 – х гадах ствараўся Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне». У пэрспэктыве рушэньне можна аформіць у народны рух Беларускай Салідарнасьці.

            Цяпер гэта тэма для абмеркаваньня і пачатку арганізацыі. Развагі, прапановы і прыклады працы будуць зьмяшчацца на старонцы РУХ (<www.biel-ruch.org>) і НАРОДНАЯ ПАРТЫЯ (<www.narodnaja-partyja.org>). На пачатку (у выпадку неабходнасьці кантакту)  можна выкарыстоўваць э-по РУХу (zanbv11@gmail.com ). Потым будуць іншыя каардынаты сувязі. Беларусы адразу мусяць улічвыць умовы, якія існуюць у краіне. 

 

            Ад кіраўніцтва КХП – БНФ  Зянон Пазьняк

 

 

 

Comments