АБ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ

posted Aug 30, 2011, 12:35 PM by Адміністратар Навін

           Галоўным чыньнікам, які кансалідуе і стварае нацыю, ёсьць нацыянальная мова плюс памяць гісторыі. З усьведамленьнем важнасьці мовы ствараліся ўсе эўрапейскія нацыі. Выключэньнем сталіся ірляндцы, якіх у змаганьні з Англіяй акрамя гісторыі лучыла прыналежнасьць да каталіцызму, і габрэі, у якіх кансалідуючым прыярытэтам ёсьць прыналежнасьць да вялікай біблійнай гісторыі.

            Беларусь – тыповая эўрапейская краіна з традыцыйнымі каштоўнасьцямі нацыі, якая існуе (ці патэнцыйна існуе) пакуль жыве мова.

            Двухсотгадовая расейская акупацыя засьведчыла, што менавіта беларуская мова была галоўным аб’ектам зьнішчэньня з боку ўсёй рускай палітыкі і імпэрскай ідэалёгіі.

            Аналіз паказвае, што антыбеларускі рэжым унутранай акупацыі нашай краіны за 17 гадоў мэтанакіраванага этнацыду вынішчыў беларускую мову ў Беларусі больш, чым рускі камунізм за 73 гады савецкай улады.

            Нацыя спынілася ў духоўным разьвіцьці. Прыкмета дэградацыі – хуткае выміраньне насельніцтва (духоўна прагрэсуючая нацыя не вымірае). Кожны дзень існаваньня ўлады цемры ў Беларусі аплочваецца сьмерцю сотняў беларусаў.

            Мы зьвяртаемся да моладзі і да адукаваных людзей, да эліты грамадзтва: шануйма беларускую мову, паважайце яе нават калі на ёй не гаворыце, бо гэта наша мова, яна сфармавала наш генатып, на ёй некалі размаўляла ўся Усходняя Эўропа. Чытайце, пішэце, гаварэце па-беларуску, каб захаваць сваю будучыню, каб адрадзіць веліч нашай Беларусі.

 

            ХІ Зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

і ІХ Зьезд Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

 

            27 жніўня 2011 г.

г. Менск

Comments