СВАІМІ ВАЧЫМА

posted Dec 28, 2010, 6:49 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 28, 2010, 7:43 PM by Адміністратар Навін ]
24-га сьнежня расейская радыёстанцыя “Эхо Москвы” амаль гадзіну перадавала ў эфір сьведчаньні журналістаў, якія былі на плошчы Незалежнасьці ў Менску ў час пабіцьця людзей 19-га сьнежня ў дзень выбараў. У перадачы (“Сваімі вачыма”) удзельнічалі Ціхон Дзядко, Ільля Азар, Ганна Нямцова і вядучая Вольга Бычкова. Ляйтматыў гэтых размоваў у тым, што “штурму” Дома Ураду, пра які фальшыва лямантуе рэжымная прапаганда, — не было. Была грубая правакацыя. Журналісты гавораць тым часам пра свае назіраньні. Падаем невялікі кавалак з гэтае перадачы.

О. БЫЧКОВА: А хто-небудзь з вас застаў той момант, калі натоўп пайшоў, або нехта пайшоў з натоўпу, нейкая частка натоўпу, пайшла там нешта біць і ўзламываць нейкія дзьверы? Таму што сьведчаньні таксама супярэчлівыя пра гэта.

Т. ДЗЯДКО: Мне здаецца, тут усё даволі відавочна. Тут вельмі важна, мне здаецца, і я ў сваіх рэратажах гэта падкрэсьліваў, не ўжываць слова “штурм”. Штурма не было, не было штурма будынку ўрада. Сапраўды, у той момант, калі натоўп спыніўся каля чырвонага касьцёла, пасьля такога натхнёнага праходу па праспэкту Незалежнасьці, калі нехта крычаў “Тут, на нашых вачах, робіцца гісторыя!”, нехта зрываў сьцяг з будынку ГБ і вешаў на ягонае месца белы сьцяг (маскоўскі журналіст меў на ўвазе Бел-Чырвона-Белы Сьцяг — заўвага рэдактара), які там знаходзіцца пад нягласнай забаронай, гэткая чырвоная шмата для Лукашэнкі. Усе ішлі ўпэўненыя, што ім усё ўдалося. Потым яны прышлі пад касьцёл, там пачалі ўсталёўваць апаратуру, людзі ўжо ня вельмі разумелі, што адбываецца.

Раптам Статкевіч з дзесяткам паплечнікаў, сказаў: “Не, пойдзем лепш да будынку ўрада”, і ўстаў там фактычна сам, перад ім пустая частка плошчы, стаіць ён, дзесяць ягоных паплечнікаў, пяць журналістаў, і яшчэ некалькі супрацоўнікаў КГБ. І ён стаіць, і яму Мустафа (? неразб.), карэспандэнт кіеўскі, які пабачыў вялікую колькасьць рэвалюцый, кажа яму: “Ведаеце, Мікалай, даруйце, але так рэвалюцыі ня робяцца”. Сапраўды, усё гэта выглядала даволі незразумела. Ён сказаў: “У мяне ёсьць плян, усё ў парадку”, хаця было зразумела, што ніякага пляну ў іх няма. І яны ўвесь час раіліся між сабой, і ні да якога агульнага назоўніка не прыходзілі. У гэты момант, калі натоўп усё ж хвілін праз 10 перасунуўся туды, адразу з натоўпу некалькі чалавек пабеглі да дзьвярэй шкляных, што вядуць у парлямант, пачалі іх біць, дзьверы гэтыя былі забарыкадаваныя знутры ці то шафамі, ці то сталамі...

О. БЫЧКОВА: Яны сапраўды былі так акуратненька прыкрытыя звонку?

Т. ДЗЯДКО: Яны былі знутры забарыкадаваныя, а за імі былі бачныя каскі, шчыты супрацоўнікаў спэцназу.

О. БЫЧКОВА: Гэта значыць, там чакалі сапраўды?

Т. ДЗЯДКО: Так. І што мне здаецца прынцыпова важным — штурму не было. Людзі, якія білі шкло, і шыбы, і шкляныя дзьверы — дзесяць, ну максімум дваццаць чалавек. Бальшыня людзей, якія сабраліся на плошчы, ня ведаю, Ільля, пагодзішся ты са мной ці не, але па маіх адчуваньнях, бальшыня людзей, па-першае, ня ведалі, што адбываецца, таму што яны стаялі на плошчы і ня чулі. Астатнія людзі, яны стаялі і на гэта глядзелі.

24 сьнежня 2010 г.